Крыніцы жыцця (частка 1)

Гэтыя вандроўкі сталі часткай праекта "Крынічная вада Магілёўшчыны", які ажыццяўляецца актывістамі грамадскага аб’яднання "ЭНДО" пры фінансавай падтрымцы ў межах праграмы малых грантаў Прадстаўніцтва некамерцыйнай карпарацыі "ISAR, Inc" (ЗША) у Рэспубліцы Беларусь.

В.СЕМЧАНКА,
А.ПАХОМЕНКА
 

"Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
Будзе да веку наш мужны і мудры, вялікі народ"

Уладзімір Караткевіч

Ваданапорная вежа ў ЧавусахСярод усіх скарбаў зямлі беларускай асобнае месца займае вада. Нашы чыстыя рэкі і азёры, крыніцы і калодзежы заўжды вабілі да сябе людзей, і, як вядома, нашы буйныя гарады развіваліся на магутных рэках, такіх як Дняпро, Сож, Бярэзіна, Гнёман, Вілія. Здавён асаблівае значэнне мела пітная вада. Калодзежы ў старыя часы выкапаць было няпроста. А вось крыніцы былі заўжды даступныя, ды й вада з іх лічылася бяспечнай, смачнай, а нярэдка і гаючай. Што ўжо казаць пра дзень сённяшні: рызыкніце пачаставацца вадзічкай з возера або з рэчкі, няхай нават ў лясным гушчары: Ці лепей з-пад крана? Ды ніякай, нават самая якасная, вада ў пластыкавых бутэльках з крамы не параўнаецца са сцюдзёнай крынічнай вадою. Важна толькі, каб крыніца знаходзілася ў экалагічна чыстым кутку, сярод лясоў і лугоў, на беразе спакойнай і чыстай ракі, а не ў забруджанай прамысловай зоне або пасярод шчодра прыпраўленага пестыцыдамі і іншымі хімікатамі поля.

Крыніцы, або выхады падземных вод на паверхню, - гэта натуральныя вадаёмы, са сваёй ўнікльнай флорай і фаўнай. Яны маюць як эстэтычнае, так і навуковае значэнне. Больш за тое, "крынічныя воды з'яўляюцца апошнім рэзервам чыстай пітной вады ў Беларусі і з гэтай прычыны павінны разглядацца як адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў, якія аднаўляюцца і маюць першараднае стратэгічнае значэнне для забеспячэння экалагічнай бяспекі дзяржавы," - лічаць навукоўцы.  Яны сцвярджаюць, што "паўсюдна ў Беларусі адзначана трывожная тэндэнцыя нарастаючай дэградацыі  і знішчэння крынічных экасістэм ў выніку ўзмацнення антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе" (М.Д. Мароз, А.П. Голубеў, Ю.Г. Гігіняк. Проблемы охраны родников Беларуси в условиях повышенной антропогенной нагрузки на природную среду. "Природные ресурсы" №1, 2000г., пераклад наш).

Асобныя крыніцы былі і застаюцца месцамі ўшанавання. Спярша нашы далёкія продкі-язычнікі будавалі тут свае капішчы і прыносілі ахвяры сваім багам, пазней хрысціяне сталі ўводзіць на крыніцах храмы і каплічкі, праводзілі набажэнствы. Са многімі крыніцамі звязаны шэраг паданняў, павер'яў і традыцый. Асобныя з іх "адпраўляюцца" (г.зн., асвячаюцца) па пэўных святах: на Купалле, Тройцу, Вялікдзень і інш. Крыніцы заўсёды карысталіся людской павагай і любоўю іх даглядалі, чысцілі. Прадугладжаны нават асаблівыя правілы этыкету: трэба павітацца і развітацца з крынічкай, аддзячыць за ваду вусна або падарункам (пакінуць кветкі, грошы, ручнік і г.д.). Нярэдка крынічная вада лічылася лекавай - нібыта дапамагала ад розных хваробаў (слепаты, галаўнога ці страўнікавага болю і г.д), а то і ад усяго адразу. Асобным крыніцам нават нададзены статус помнікаў прыроды мясцовага, рэспубліканскага і міжнароднага значэння: Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім раёне, крыніцы ля вёскі Палыкавічы пад Магілёвам, крыніцы Байкава ў Чавускім раёне і многія іншыя.

На жаль, зараз многія крыніцы пазарасталі, перасохлі, драўляныя зрубы на іх разваліліся, прылеглыя месцы прыйшлі ў заняпад. Гэта нядзіўна, бо ўсё меней становіцца жыхароў у вёсках - каму ж клапаціцца пра крыніцы? З іншага боку, занадта актыўнае ўмяшальніцтва чалавека можа прынесці шкоду крыніцам, гэта тычыцца як знешняга выгляду, так і якасці вады. Неабавязкова наўмысна, часцей праз недасведчанасць. Напрыклад, пры добраўпарадкаванні могуць выкарыстоўвацца неналежныя рэчывы і матэрыялы кшталту шыферу, металу, шкловаты, фарбы і г.д. Нават бетонныя кольцы - не самы лепшы варыянт для ўпарадкавання крынічак, больш падыходзіць непафарбаванае дрэва, напрыклад, асіна. Да таго ж, сярод крынічак часта трапляюцца "бунтаркі", якія не трываюць над сабою гвалту і не жадаюць паддавацца добраўпарадкаванню: перасыхаюць, "сыходзяць" у іншае месца, наноў прабіваючыся недзе па-за межамі бетоннага кальца або драўлянага зруба. Вядома, даглядаць крыніцы трэба, але ўмеючы і асцярожна, і галоўнае - з любоўю. Толькі так магчыма зберагчы той аўтэнтычны знешні выгляд і тую ўнікальную атмасферу таямніцы, святасці, што ўласцівая нашым крынічкам.

У Чавускім раёне больш за 20 крыніц і крынічак. Дакладней сказаць складана, бо разам з такімі буйнымі і вядомымі крыніцамі, як Байкаўскія, Шэпярэўскія, Каменская, Будзінская і інш, ёсць і напаўзабытыя, непрыкметныя крынічкі. Пра іх памятаюць хіба што жыхары суседніх хат. Але, незважаючы на памеры і геаграфічнае знаходжанне, кожная з іх мае сваё непаўторнае аблічча і ўласны характар. Мы паспрабуем распавесці пра некаторыя з іх усё тое, што зможам даведацца. Па меншай меры, пра тыя крыніцы, на якіх самі пабывалі.

Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 2) - Вандроўка 1-я: Шапярэва, Загоранка, Высокае, Петухоўка, Байкава, Кузьмінічы"

Translate :
Спасылкі па тэме :