Главная » Город и район » Туризм, отдых, экология » Крыніцы жыцця (серыя артыкулаў) » Крыніцы жыцця (частка 3) - Вандроўка 1-я. Шапярэва: пап'еш - Ільёй Мурамцам станеш!

Крыніцы жыцця (частка 3)

Вандроўка 1-я. Шапярэва: пап'еш - Ільёй Мурамцам станеш!

Вясковец у ШапярэваАд Чавусаў рукой падаць да вёсачкі Галачэва, а адтуль - да Шапярэва, гэта першы пункт нашага маршруту. У невялікай вёсачцы Шапярэва адразу заўважаем адну цікавую асаблівасць: у хатах звернуты на поўдзень, прычым як тыя, што справа, так і тыя, што злева ад дарогі. А на поўнач глядзяць адно глухія сцены. У чым тут справа? Найхутчэй, разважаем мы, гэта своеасаблівы спосаб энергазберажэння, які выкарыстоўвалі яшчэ нашыя продкі: так памяшканне атрымлівае болей сонечнага цяпла і святла, а губляе менш. Тутэйшыя жыхары, што сядзяць пад хатай на прызбе ля адаго з першых дамоў вёскі, пацвярджаюць нашыя высновы. Выходзіць, па старажытнай тэхналогіі дамы тут будавала не адно пакаленне майстроў. Дзіўна толькі, што ў суседніх вёсках праяваў гэтай народнай мудрасці не заўважна.

Адзін з вяскоўцаў праводзіць нас да невялікай крынічкі за яго падворкам. Самі мы ніколі б ў жыцці патрэбнае месца не адшукалі. Сцяжынка бяжыць праз агарод, поле, бур'ян, праз які мы мужна прадзіраемся. Сеанс крапіватэрапіі бадзёрыць. Нарэшце, спыняемся ля высачэзнага сухога дрэва: проста з-пад зямлі, без аніякіх пабудоваў, прабіваецца струмень чысцюткай вады. Але ж ці сапраўды чысцюткай? Андрэй Мікалаевіч, як сапраўдны хімік, не мог не прыхапіць з сабою тэст-палоскі для праверкі вады на нітраты. Намочваем тоненькую палосачку тэста крынічнай вадой і чакаем некалькі секундаў. Вынік - 25 мг/л , а мусіць быць не больш за 45 мг/л (максімальна дапушчальная канцэнтрацыя нітратаў у пітной вадзе). Вада не ідэальная, але піць можна. Як распавядае наш праважаты, раней дарога да крынічкі яшчэ не зарасла, меўся нават зруб, але потым ён паступова разбурыўся. У тыя часы і ваду адсюль бралі часцей, а цяпер ён і сам рэдка па яе прыходзіць.Вядомая крыніца ў Шапярэва

Добраўпарадкаваць, выходзіць, крынічку няма каму: у вёсцы блізу двух дзясяткаў жыхароў, ды й тыя, лічы, адны пенсіянеры. А працы на крынічцы зусім няшмат. Гэтая сціплая, "хатняя" крынічка магла б стаць больш даступнай і запатрабаванай, калі б мелася нармальна пратаптаная сцяжына, зруб. Шкада будзе, як зусім зарасце бур'янам і знікне - для людзей. З нечым падобным мы потым не раз сутыкаліся ў нашых вандроўках "шляхамі радзімічаў". Са шкадаваннем пакідаем халаднаваты куточак каля крынічкі і зноўку акунаемся ў гарачы летні дзень. Сухі ствол старога дрэва ўказальным пальцам тырчыць над галовамі - нібы пагражае-папярэджвае: задумайцеся, людзі…

Вяртаемся на прасёлкавую дарогу і паглыбляемся ў вёску. Тут ёсць яшчэ адна крыніца, больш буйная і вядомая. Пра яе нам распавялі шапярэўцы. Завецца крыніца Данілкавай, у гонар гаспадара, што некалі тут жыў. Карыстаецца яна любоўю і павагай вяскоўцаў, якія спакон веку яе даглядалі. І зараз яны чысцяць крыніцу, вычэрпваюць брудную ваду з глеем, падсыпаюць каменьчыкі. Слыннае месца - крыніца ў Шапярэва Раней тут стаяла драўляная бочка, потым крыніцу забралі ў бетонныя кольцы - зрабілі калодзеж. З таго часу, як праваслаўны святар з Чавускай царквы айцец Мікалай асвяціў крыніцу, ужо з дзясятак год тут штогод на свята Казанскай іконы Божай Маці (2 ліпеня) прыходзяць набажэнствы. Па святах ажыятаж вакол гэтага месца шалёны. Прыязджаюць па ваду людзі не толькі з суседніх вёсак, але і з горада Чавусы - Шапярэва недалёка ад райцэнтра, усяго некалькі кіламетраў па нармальнай дарозе. "Рух і ўдзень, і ўначы, як у тым Магілёве! Колькі пылу падымаюць!" - ці то скардзяцца, ці то з гонарам паведамляюць вяскоўцы. "Цікава, а вада тут гаючая?" - пытамся мы ў іх. "Лічыцца, што лекавая - бяруць жа яе людзі. Хто пап'е з нашай крыніцы, становіцца як Ілля Мурамец! Неяк былі ў нас госці з Днепрапятроўска, пілі - напіцца не маглі, такая вада смачная!"

Свет божыКрыніца гэтая вядома здаўна, але нельга дакладна сказаць, маліліся ў былыя часы на ёй ці не. Найхутчэй, да рэвалюцыі такое практыкавалася, але ў савецкія часы, па зразумелых прычынах, ужо не. Яшчэ распавядаюць такую гісторыю. Нібыта незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны гаспадар двара, што суседнічаў з крыніцай, яе "прыхапіў": агарадзіў плотам і нікога туды не пускаў. Калі пачалася вайна, жыхароў Шапярэва пагналі ў бежанцы. У пачатку лета 1944 года, калі Чавусы ўжо вызвалілі, шапярэўцам не дазвалялі вяртацца ў родную вёску: мясцовасць была замініравана. Але адна з тутэйшых жанчын набралася мужнасці і вырашыла наведаць свой двор, ды спярша вырашыла зазірнуць на крынічку. Ведала, што наўкола шмат мінаў, і малілася, каб не падарвацца. Нават паабяцала, калі застанецца ў жывых, прыглядаць за крыніцай. І цуд здзейсніўся. Жанчына без перашкодаў дабралася да крыніцы, папіла вады, памалілася, а пасля праведала сваю хату. Абяцанне яна стрымала: стала старанна даглядаць крыніцу. Пасля вайны крынічка зноўку стала агульнай, а адносна нядаўна, колькі год таму, тут паставілі крыж і абраз, ды зноўку пачалі маліцца.

ДубокНе цярпіцца нам паглядзець на гэтае слыннае месца. Яно недалёка, трэба толькі крыху прайсці па вёсцы і збочыць з галоўнай дарогі. Трапіўшы куды хацелі, заўважаем, як людзі берагуць гэты скарб, падораны ім самой прыродай. Тут ёсць калодзеж з векам, усярэдзіне б'е жыватворны струмень, вядро з конаўкай, драўляны столік з лавамі, драўляны масток, нейкія кладачкі праз ручай - карацей, хараство! Калі б яшчэ змяніць бетонныя кольцы на драўляны зруб, усё гэта выглядала б яшчэ каларытней, "этнічней", ды й вада б стала чысцейшай. Кантэйнера для смецця няма, але ён тут і без патрэбы, бо смецця не заўважна - альбо не кідаюць, альбо рэгулярна прыбіраюць. Сведчанне таго, што месца асвечанае - два невялікіх абразка Казанскай Божай Маці, на іх завязаны ручнікі. Крыху ў баку бяжыць ручай, хаваецца ў раскошных ізумрудных, бы дагістарычных зарасніках папараці. У гэтым месцы, схаваным ад астатняга свету за дрэвамі і кустамі, неяк па-хатняму ўтульна, прыемна - нават сыходзіць не хочацца. А вада ў калодзежы такая празрыстая, што ён на першы погляд нават здаецца пустым. Нахіляешся ў глыбіню і думаеш: ці не падман гэта? Дзе ж вада? І толькі па лёгкай рабізне заўважаеш, што вада ў цябе пад носам. Каштуем - сцюдзёная, смачная, без звыклага прысмаку цывілізацыі. А вось нітратаў у ёй каля 25 мг/л. Гэта няшмат, амаль удвая меней максімальна дапушчальнай канцэнтрацыі - але лепей, каб зусім не было.

Над крынічкай узвышаецца стромкі схіл. Караскаемся наверх і з прыемнага паўзмроку трапляем на свет божжы, дзе адразу б'е ў вочы яркае сонца. Вакол някідкая, стрыманая вясковая прыгажосць: палі і лугі, недалёка пасвяцца каровы, воданапорная вежа (здаецца, ужо не дзейнічае). Праглядаецца сцежка – кароткі шлях да вёскі Загоранка. Вось толькі псуюць маляўнічыя краявіды маладыя дрэўцы, што ляжаць на зямлі, паламаныя чыёюсьці злою рукою. Потым, па вяртанні ў горад, спрабуем высветліць, хто ж гэты злодзей. Відаць, электрыкі, што расчышчалі прастору для лініі электраперадач. Але тэлефанаванне ў РЭС нічога не дае: кіраўніцтва раёна элетрасетак не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую версію. Але абяцае ўсё паправіць, як будзе нагода…

Яблыкі на дубкуАзіраемся навокал і раптоўна заўважаем малады дубок, увесь усыпаны буйнымі румянымі… не, не жалудамі, а яблыкамі! Падыходзм бліжэй: ды гэта ж галы! "Чарнільныя арэшкі" - так іх называлі даўней. Гэта нарасты на лісце, зробленыя насякомымі - галіцамі альбо арэхатворкамі, "хаткі" для іх лічынак. Ад маленькіх яблычкаў галы здалёк не адрозніш. Насякомыя адкладаюць яйкі наўпрост у пупышкі дуба. Па меры развіцця лістка расце і лічынка, расце і "яблык" на лісце. Для лічынкі гэта свайго кшталту сталоўка і хатка, дзе яна зімуе. Дасціпна прыдумала прырода! Яна, дарэчы, яшчэ тая жартаўніца. Недалёка ад дуба расце брыхгліна ("бересклет" па-расейску), галінкі яго з выгляду старыя, сухія - страшна ўзяцца - кара пакрыта некімі брыдкімі "бародаўкамі". А між тым, расліна досыць гнуткая: каб зламаць буйную галіну, варта пастарацца.

Вяртаемся да крынічкі, развітваемся з ёю - абавязкова трэба, як з жывым чалавекам, павітацца і развітацца, аддзячыць за ваду. Выходзім на вясковую дарогу.

БабуляГэтым разам наш шлях недалёкі. Як мы даведаліся, паблізу мусіць быць яшчэ адна крыніца, праўда, больш сціплая. Нам паказваюць яе тутэйшыя бабуля і дзядуля. Старыя жывуць у самым блізкім да гэтай маленькай крынічкі доме. Разам з суседзямі прыглядаюць за ёю, чысцяць пасля веснавых і восеньскіх паводак. Тут таксама студня-калодзеж з бетоннымі кольцамі і векам, якія дапамагаў рабіць сельсавет. Ды вось бяда: кольцы прадзіравіліся, трэба іх мяняць ці хаця б залапіць дзіркі. А то ж забруджваецца крынічка, і становіцца небяспечна з яе піць. І яшчэ варта б зрабіць новы масток цераз канаву ля крыніцы, зараз яго функцыю выконвае не дужа эстэтычны, ржавы і паламаны кавалак жалеза. Пажылым людзям цяжка хадзіць па такой "пераправе".

Праверка вады на нітраты паказвае значэнне каля 25 мг/л. Дзеля цікаўнасці вяртаемся да хаты нашых праважатых і правяраем ваду з іх калодзежа, што ля двара. Нішто сабе! Тэст-палоска чырванее на вачох - блізу 100 мг/л! І гэтую ваду п'юць людзі! Мы тлумачым старым, што лепей ужо браць ваду з крынічкі, там нітратаў амаль у 4 разы меней. Але для іх калодзеж зручнейшы, чым крынічка, бо блізка…

Такім чынам, у вёсцы Шапярэва мы агледзелі 3 крыніцы. Данілкава - самая вядомая і буйная з іх, найбольш дагледжаная. Яна мае культурнае значэнне, нават асвячаецца бацюшкам і прываблівае шмат народу. Ды і вада ў гаючая і ледзьве што не робіць людзей волатамі… Дзве іншыя драбнейшыя, час ад вяскоўцы бяруць адтуль пітную ваду. Гэтыя месцы патрабуюць добраўпарадкавання. Такіх "хатніх" крыніц мы на сваім шляху сустрэнем яшчэ шмат. Няхай іх не лічаць святымі, але ўсё адно, кожная з іх - маленькі цуд, шчодры падарунак прыроды ці Бога - каму як падабаецца - людзям.

Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 4) - Вандроўка 1-я. Загоранка: вада для графа Шарамецьева"

Translate :
Спасылкі па тэме :