Главная » Город и район » Туризм, отдых, экология » Крыніцы жыцця (серыя артыкулаў) » Крыніцы жыцця (частка 7) - Вандроўка 1-я. Кузьмінічы: жывая пакуль што – вада...

Крыніцы жыцця (частка 7)

Вандроўка 1-я. Кузьмінічы: жывая пакуль што – вада...

У той дзень апошнім пунктам нашага маршруту была вёска Кузьмінічы. На вялікі жаль, нам не пашчасціла застаць у вёсцы А. Акружнога, палкоўніка ў адстаўцы, які сам родам з гэтых месцаў, але зараз жыве ў Брэсце і перыядычна наведвае сваю малую радзіму. Раённая газета раней друкавала яго ліст з успамінамі пра тутэйшую крынічку. Ён пісаў, што да вайны тут стаяла каплічка – драўляная хатка, пакрытая гонтамі. У хатцы была лампада, абразы з ручнікамі, а некаторы час – нават звон. У цэнтры велічна ўзвышаўся дубовы зруб, даверзу напоўнены крыштальна чыстай вадою. З яго збягаў у бліжэйшую рачулку Глодаўку (Глотаўку) невялікі ручаёк. Па святах тут ладзіліся набажэнствы: людзі разам са святаром дзячылі Бога за найкаштоўны дарунак – крынічную ваду. Ваду з Кузьмініцкай крыніцы людзі лічылі святой і верылі, што яна вылечвае розныя хваробы, вяртае сілы. А падчас Другой Сусветнай вайны за крынічкай нават даглядалі немцы. На жаль, у вайну ж вёска Кузьмінічы разам з каплічкай была знішчана.

Кузьмініцкая крыніцаНас праводзіў да крыніцы яе "сусед" – адзін з вяскоўцаў, які і распавёў нам што-нішто пра гэтае месца. Ён амаль паўтарыў звесткі, выкладзеныя А. Акружным, але тое-сёе дадаў. Крынічную ваду, па ягоных словах, некалі набіралі ў ночвы і паілі ёю коней. Па ваду сюды хадзілі жыхары не толькі Кузьмініч, але і Дужаўкі, Харанева і іншых суседніх вёсак. Бралі ваду цэлымі бочкамі, прыязджалі на падводах. "Адпраўлялі" крыніцу на Ўшэсце. Але зараз год як дзясятак на крынічцы ніхто не моліцца, бо няма каму: тутэйшыя верніцы паўміралі. Ваду адсюль яшчэ калі-некалі бяруць, былога ажыятажу, вядома, няма і блізка. Тутэйшая моладзь, прынамсі, адпачываць і набраць вады едзе збольшага на Байкаўскія крыніцы – мо, там цікавей?

Што радуе, дык гэта тое, што крынічка пакуль яшчэ жывая. Дакладней, тут іх дзве, і яны пакуль не зараслі і не заглеіліся. Толькі вось адна "збегла" з бетоннага кальца і прабілася збоку. За крынічкай яшчэ даглядаюць вяскоўцы: пракапаны невялікы равок для сцёку вады, усталяваныя металічныя крыжы. А калі б яшчэ і аднавіць каплічку з драўляным зрубам... Мабыць, тады б вярнулась да Кузьмініцкай крыніцы была слава і пашана. А пакуль што сумна на яе глязець. Вада хоць і чыстая (паводле нашых вымярэнняў, нітратаў 0 мг/л), але мала каму патрэбная. І хто ведае, ці не страцім мы гэты цуд прыроды ўжо праз колькі год, калі за крынічкай не будзе ўжо каму даглядаць – людзей у вёсцы, вядома, не прыбывае... Такі сумны лёс напаткаў ужо многіх сясцёр гэтай крынічкі: яны былі папросту забытыя-занядбаныя.

Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 8) - Вандроўка 2-я. Забалацце: "крыўда" на людзей, Каменка, Варварына"

Translate :
Спасылкі па тэме :