Главная » Город и район » Туризм, отдых, экология » Крыніцы жыцця (серыя артыкулаў) » Крыніцы жыцця (частка 8) - Вандроўка 2-я: Забалацце: "крыўда" на людзей, Каменка, Варварына

Крыніцы жыцця (частка 8)

Вандроўка 2-я: Забалацце, Каменка, Варварына

Яшчэ адзін дзень свайго велападарожжа па вёсках Чавускага раёна мы прысвяцілі агляду крыніц. Забалацце, Каменка і Варварына – у гэтых месцах мы пабачылі крынічкі ці напаткалі іх сляды…

Вандроўка 2-я. Забалацце: "крыўда" на людзей

Прадмесце гарадка Чавусы, якое некалькі год таму было яшчэ асобнай вёсачкай, цалкам апраўдвае сваю назву. У пошуках мясцовых крыніц нам даводзіцца лазіць па непраходных балотах-хмызняках. Тут, як запэўнілі нас тутэйшыя жыхары, мусяць быць дзве крыніцы. З іх раней людзі бралі чыстую пітную ваду, але з дзясятак год, са з'яўленнем паўсюль калонак, пра крынічкі забыліся. Некалі пратаптаная да іх "народная сцежка" практычна зарасла. Хіба што нехта выпадкова зазірне па старой памяці.

Аблазіўшы ўсе бліжэйшыя кусты і зараснікі крапівы, не знаходзім ані знаку тых крынічак, нават бетоннага кальца, што мусіла стаяць на адной з іх. Нават нашая праважатая губляецца: двор гэтай бабулькі непасрэдна прымыкае да месца, дзе павінна быць крынічка. Муж жанчыны, гаспадар двара, абураецца: "Як гэта – на собскім двары і крыніцы не адшукаць?! Там жа яшчэ прыступачкі ў зямлі зроблены!" І насамрэч, гэтыя прыступачкі, старыя і паабсыпаныя, можна прыкмеціць на схіле, ля падножжа якога павінна быць крыніца. А вось самой яе няма…

Але наконт "таямнічага знікнення" крынічкі гаспадар асабліва не турбуецца: "Нашто яна нам? Ваду з калонкі набіраем. Праўда, рудая, але мы яе адстойваем, і толькі тады п'ем. А яшчэ дажджавую ваду збіраем, яна чыстая. Бог заўжды нам і ваду дае, і ежу, і надвор'е – не тое што людзі". На пытанне, чаму ж пахаваліся ад нас крынічкі, стары адказвае: бо яны нікому не патрэбны. Ніхто не карыстаецца, вось і пазарасталі. І насамрэч. Крынічкі нібыта пакрыўдзіліся на людзкую няўдзячнасць. І гэта вельмі сумна, бо хоць ваду з калонкі і зручней набіраць і насіць, але з крынічнай вадой яна па якасці, як кажуць, "і блізка не стаяла". Відаць, хутка наогул забудуцца людзі, што некалі тут білі крынічкі. І такіх выпадкаў – вялікае мноства.

Развітаўшыся з гасціннымі і гаваркімі гаспадарамі, рушым далей па намечаным маршруце.

Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 9) - Вандроўка 2-я. Каменка: "цывілізацыя" губіць святыню"

Translate :
Спасылкі па тэме :