Главная » История » Статьи об истории города Чаусы и Чаусского района » Невядомыя Чавусы (артыкул Яўгена Зубовіча)

Невядомыя Чавусы

Артыкул Яўгена Зубовіча

Будынак сьвірана ў былым маёнтку графаў Талстых - ЯловаЧаста адказваючы на пытанне - "Адкуль ты?", я чуў у адказ ад такіх жа беларусаў як і я: "Чавусы..., а дзе гэта, на Беларусі?". Так, вядома назва гэта не тыповая для Беларусі, а ўсё таму, што згодна паданням, горад быў заснаваны цыганамі. З цыганскага "чавус" - гэта "намёт".

Упершыню Чавусы ўзгадываюцца ў летапісах у 1560 годзе. Тады гэта была вёска Чавусовічы, падараваная Вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам Васілю Маркавічу Няміровічу нашчадку слаўнага служкі Вітаўта Вялікага Андрэя Няміры. Вёска дастаткова хутка расла і ў 1604 годзе ператварылася на горад, а ўжо ў 1634 годзе былое некалі паселішча атрымала магдэбурскае права з рук Вялікага князя Ўладзіслава Вазы. Горад таксама атрымаў і герб - Святы Марцін на кані з мячом.

Будынак краязнаўчага музея ў былым доме дзяржаўнага скарбу, пабудаваны ў 1902 годзеШмат падзей перажыў горад за гісторыю свайго існавання, але аб іх мы пагаворым пад час невялікай вандроўкі па яго вуліцах.

Блукаючы па вуліцах гэтага невялікага гарадка, не кожны можа адчуць у атмасферы, што існуе тут, дух гісторыі, тую повязь часоў, якая вызначае сучаснасць і без якой немагчыма будучыня, няўпынны рух наперад. Навокал - сучасныя пабудовы, шмат цагляных гмахаў. Здавалася б, дзе тут месца сівой гісторыі? Але варта толькі прыслухацца - і кожная вуліца, кожны камень, кожны стары мур можа распавесці нам не адну захапляльную і цікавую гісторыю. Гісторыі іх поўныя драматызма, прыгажосці, незвычайнасці. Калісці ў трыццатых гадах 20 стагодзя вядомы беларускі паэт, ураджэнец Чавус Юрка Лявонны напісаў, што Чавусы гэта горад – звычайнае пыльнае месца, дзе няма прастору думкам, але я дазволю сабе не пагадзіцца з ім. Давайце проста не спяшаючыся пройдземся па вулках Чавус, адчуем сябе ў тым былым часе павятовага мястэчка з яго неспешным жыццем, адмысловым ладам жыцця, стасункамі яго насельнікаў.

Мемарыяльны комплекс у гонар загінуўшых у Другой сусветнай вайне, што знаходзіцца ў паркуВось мы на Ялоўскай гары. Гара гэта - два невысокіх пагорка над Басяй. Некалі з іх сягалі да рэчкі графы Талстыя проста на каньках. Гэты знакаміты род з’явіўся тут напрыканцы 18 стагоддзя, калі Магілёўскі губернатар Дзмітры Аляксандравіч Талсты на Магілёўшчыне разам з астатнімі атрымаў і Ялоўскія землі ад Расійскай імператрыцы Кацярыны. Ён адразу ж зрабіў тут адну са сваіх рэзідэнцыяў. Менавіта тут яго заспела вайна 1812 года і губернатар ледзь выратаваўся на ўласнай брычцы ўцёкамі.

Ад вялікай некалі сядзібы засталося не так і шмат. Зараз сярод захаваўшайся з тых часоў ліпавай абсады з магутнымі дрэвамі бавяць час выхаванцы Чавускай школы–інтэрната. Ён тут узнік у 60-я гады 20 стагоддзя. Але захавалася не толькі абсада, ёсць тут і стары сярэдзіны 19 стагоддзя свіран. Пры першым позірку пабудова гэта нагадвае больш панскі палац – багата дэкараваны фасад, вялікія памеры. Але пры больш пільным праглядзе бачна, што гэты двухпавярховы гмах меў гаспадарчае прызначэнне. Тут захоўвалі збожжа, і, на меленькіх вокнах да гэтага часу засталіся жалезныя краты. Перад рэвалюцыйнымі падзеямі ў збожжы гэтым захлынуўся апошні арэндатар маёнтка пан Кальмеер. Будынак былой аптэкі пры касьцёле Дзевы Марыі Кажуць, калі ўночы не пабаяцца і прыйсці сюды, дык абавязкова пабачыш здань арандатар на ўласныя вочы. Стоячы каля старога свірна графскага двара, добра праглядаюцца маляўнічыя краявіды, пагоркі, рэшткі старадаўніх гарадзішчаў абапал ракі Басі, урочышча Ялова – помнік прыроды з прыгажэйшым бярозавым гаям – адно з улюбеных месцаў адпачынку сённяшніх гараджан. Але трэба ісці, і ад панскай сядзібы па вуліцы Верхня-Ялоўскай мы пакрочым далей.

Вуліца Чырвоная. Тут яшчэ дзе-нідзе захаваліся рэшткі фартыфікацыйных валоў канца 18 пачатку 19 стагоддзяу. У асобных месцах на вуліцы яшчэ стаяць і нібы вартуюць шлях векавечныя ліпы. Так, дрэвы гэтыя, пэўна, вельмі любілі ў Чавусах таго часу.

Новая царква Ўшэсьця Гасподня, будуецца по вуліцы ФрунзэАле прыслухаемся... недалек чутныя гукі аргану. Даносяцца яны нібы з глыбіні стагоддзяў. Гэта - чырвоны касцел Дзевы Марыі. Распачалася яго будоўля ў 1905 годзе, а скончана была ў 1913 ым. Перажыўшы вайну касцёл быў разабраны на цэглу ў 60 гады. Няма касцёла, але памяць аб ім жыве ў назове вуліцы - Чырвоная!

І вось вачыма адкрываецца вялікая прастора, што гэта зараз - простая паляна, нічога прыкметнага, - але ж так было не заўседы. Уявіце пачатак 20 стагоддзя. Перад касцелам на бруку па ўсёй гэтай прасторы змяшчаліся і коні і людзі. Конны пляц - месца шматлікіх чавускіх кірмашоў. Сярод сучаснай забудовы пазірае на гэты прастор і стары багата дэкараваны будынак - дом былога дзяржаўнага скарбу, пабудаваны ў 1902 годзе, а зараз раённы краязнаўчы музей. Тут заўжды рады гасцям. Ёсць на што паглядзець у экспазіцыі музея - 10 тысяч экспанатаў. Асноўныя з іх прысвечаны Другой сусветнай вайне. Гэта не выпадкова, бо да пачатку вызваленчай аперацыі "Баграціён" каля горада 9 месяцаў знаходзілася прыфрантавая палоса. На тэрыторыі раёна загінула больш за 18 тысяч савецкіх воінаў. Сярод удзельнікаў тых ваенных падзей быў і вядомы савецкі пісменнік Канстанцін Сіманаў. Ён потым неаднаразова прыязджаў сюды, і нават пакінуў частку сваіх рэчаў экспазіцыі музея.

І вось трапляем мы на сучасную Цэнтральную плошчу горада. Былы некалі тут стадыён замянілі зараз адміністрацыйныя будынкі райвыканкама і раённага вузла сувязі. Адной з несумненных дамінантаў плошчы з’яўляецца вялікі помнік У.І.Леніну. Перацінае плошчу сенняшняя вуліца Ленінская, былая Прабойная, а яшчэ раней Магілёўская. Гэта вуліца, бадай, самы цікавы кавалак горада. Побач гарадскі парк – зараз тут, ідучы з працы, ці проста ў спякотную летнюю пару можна схавацца ад палячага сонейка і адпачыць у зацені шатаў. Але так было не заўжды. Так выглядаў былы Кармеліцкі кляштар, потым перароблены на Васкрасенскі сабор у 1905 годзе Тройчы гэта месца змяняла сваё аблічча, прычым даволі карэнным чынам. Спачатку на пустыры, пасля карэннай перабудовы горада напрыканцы 18 стагоддзя, тут узнікла Новая гарадская ратуша. Але не прайшло і стагоддзя, як яе перабудавалі на праваслаўную Прэабражэнскую царкву ў 1842 годзе. Але і яна не пражыла доўга і праз дваццаць год была разабраная з-за нетрываласці сцен. Але прыслухайцеся - і вы пачуеце ледзь улоўны шум царкоўных званоў, што плыве зараз сярод вяршалінаў паркавых дрэў. Некалі чуўшы яго, жыхары і госці горада спыняліся, і, зняўшы капелюшы, клалі на сябе святы крыж. Па кім ідзе звон? Справа ў тым, што ў парку знаходзіцца мемарыяльны комплекс воінам вызваліцелям, якія загінулі тут пад час Другой сусветнай вайны, а таксама абсада герояў. Усе мае добрае мастацкае вырашэнне і глядзіцца даволі пасяляльна. Зараз у межах добраўпарадкавання горада побач з паркам зрабілі імправізаваны млын невялікіх памераў з фантанам каля яго. Ёсць яшчэ адзін фантан, з іншага боку парка каля самай лепшай у горадзе кавярні "Ліга". Тут можна адведаць смачнай кавы і падзівіцца на прыгажосць мясцовых краявідаў... Але пакінуўшы парк – гэты помнік прыроды канца 19 стагоддзя - пакрочым далей па былой Прабойнай вуліцы.

Помнiк у гонар 400 годдзя Чавусам у гарадскім скверы (былой Гандлёвай плошчы)А што далей? Зноў шмат сучаснай цаглянай забудовы. Хіба што толькі адзін невялікі будынак былой ў 19 ст. аптэкі нагадвае аб існаванні тут Кармеліцкага кляштара і касцёла першага Дзевы Марыі, а пазней і Васкрасенскага сабора з Пакроўскай царквой. Зараз тут рэстарацыя і клуб, пры пабудове якога выкарысталі рэшткі сцяны Пакроўскай царквы. Упершыню касцёл і кляштар былі пабудаваныя з дрэва і адбылося гэта з 1647 па 1653 гады. А ў 1747 годзе касцел і кляштар былі адбудаваныя з каменю ў стылі сталага барока. Праваслаўным саборам будынак касцёла стаў у 1868 годзе, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага на хвалі зачынення каталіцкіх парафій. Сабор быў зруйнаваны пад час наступу Чырвонай арміі ў 1943 годзе. Але ад гэтага месца і аж да самай Басі вядзе і зараз закладзены патаемны ход. Менавіта ў ім у 1832 годзе, пад час касавання Кармеліцкага кляштара, схавалі шмат кляштарнага срэбра прыёр Кавальскі і іншыя манахі. Шмат чорных капацеляў спрабавалі знайсці скарб, але ён і да гэтага часу нікому не даўся ў рукі. Кажуць, надзейна сцеражэ яго прывід прыёра ад ліхіх людзей. Хто ведае, можа каму яшчэ пашчасціць адшукаць заклятае срэбра?

Ніводнага старога храма не засталося да нашага часу, і мабыць гэта сімвалічна, што каля месца былой каталіцкай святыні будуецца з цэглы новы праваслаўны храм Ушэсця Гасподня. Праваслаўныя і каталікі заўседы мірна жылі на гэтай зямлі. Будынак царквы будзе больш за 30 метраў у вышыню. Ён і зараз, недабудаваны, ўзвышаецца над былой аптэкай, калі глядзець з вуліцы Ленінскай.

Сучасны выгляд будынка былой паштовай экспедыцыі на Ленінскай, былой Прабойнай вуліцыАле прайшоўшы столькі, прысядзем у яшчэ адным зялёным куточку Чавус – гарадскім скверы. Седзячы на ўслоне, даволі добра праглядаецца яго прастора. І ўсе ж такі Чавусы - горад пераўтварэнняў. Не выключэнне і гэты сквер. Некалі тут толькі зараджаўся горад. Тут існавала першая ў горадзе каменная пабудова - Старая ратуша, пабудаваная яшчэ ў 1634 годзе. Тут так сама быў гарадскі рынак і адначасова цэнтральны пляц. З драўляных яткоў даносіліся размовы, крык, лаянка...не бяз гэтага! Тут Кастусь Паклонскі набраў першы на Беларусі казацкі полк. Падзея гэта значная не толькі для горада, а і для ўсёй краіны. Такім чынам гістарычнай сталіцай беларускага казацтва з’яўляюцца менавіта Чавусы. Адбылося гэта ў 1654 годзе 6 жніўня ў сувязі з падзеямі Вайны Маскоўскага княства і ВКЛ 1654-1667 гадоў.

Трэба адзначыць, што знаходзімся мы з вамі каля знака прысвечанага 400 годдзю Чавус, а на ім герб - два скрыжаваныя мячы з лаўровым вянком. Герб гэты быў дадзены гораду ў 1781 годзе з нагоды перамогі войска Пятра І пад вёскай Лясной над шведамі.

На сквер зараз паглядае самы стары захаваны ў горадзе будынак - паштовая экспедыцыя(50-я гады 19 ст.). Гэта, і, натуральна, рынак, паштовая экспедыцыя - бойкае месца... Але ўзнімімся і працягнем свой шлях.

Што ж, ідзем ужо не па бруку. Зараз усё асфальтаванае. Але збочыўшы крышку з Прабойнай на сучасную вуліцу Маневіча можна ўразіцца нямала – тут бы не крануты усемагутнай рукой цывілізацыі па ранейшаму ляжыць стары брук. Ён - сведка не адной падзеі ў горадзе, не адна пара ног хадзіла па ім.

Так выгляда Рыгораўская царква ў 1902 годзеІ вось пачынаецца знакамітая Рыгораўская гара, раней яна была большай, але, калі паклалі памянёны асфальт, частку яе зруйнавалі. Але ж гэта не проста гара, а частка былых фартыфікацыйных валоў. Стромка над імі ўзвышаўся прыгожы багата дэкараваны самы першы ў горадзе Рыгораўскі храм. Адным з першых уранку ён прымаў на схіл сваіх купалоў першыя сонечныя промні. Пасля вайны яго чакаў такі ж лёс як і большасць астаніх – яго разабралі на цэглу. А побач з былой некалі царквой стаіць і зараз будынак былой змешанай гімназіі горада пачатку 20 стагоддзя. На гарадскіх валах ён выглядае нібы суворы вайсковы казімат. Некалі самая вялікая школа горада, зараз - толькі стары занядбаны дом. Але, пэўна, і ён некалі перажыве сваю другую маладосць...

Вось перакрыжаванне з вуліцай Кастрычніцкай, былой Ніжняй Прапойскай. Мы не будзем збочваць на яе, але калі хто захоча прйсціся дык хутка можа апынуцца ля старых праваслаўных Рыгораўскіх могілкаў. Тут яшчэ захаваліся помнікі, літыя крыжы і надгробкі 19 стагоддзя з агароджамі цікава і багата дэкараванымі. А калі прайсці далей дык убачыш іўдзейскія могілкі. Там спачатку вас сустрэне манумент у гонар загінуўшым тут габрэям пад час Другой Сусветнай вайны. Сярод зарасняў абнесеныя старой цаглянай агароджай ёсць шмат малых лёхаў, надгробкаў, помнікаў самага разнастайнага гатунку. Помнікі ад 18 і да канца 19 стагоддзя.

Выгляд былой змешанай гімназіі на рэштках захаваўшыхся фартыфікацыйных валоўАле кіруемся далей па былым Паштовым тракце, што ішоў з Чэрыкава на Магілёў. Раней у Чавусах шмат пастаялых двароў трымалі габрэі. Будынак аднаго з іх і зараз асірацела стаіць на былым тракце сярод прыватных драўляных сядзіб. Дастаткова ахайны будынак, цэгла яго месцамі жоўтая. Так і павінна быць – рабілі тады якасна, ўжываючы яйкі і іншы матэрыял, што надаваў мацунку. Так, колькі не стой тут - не пачуеш ужо ветлых запрашэнняў гасціннага гаспадара спыніцца на пастой, не ўбачых коней і брычак ля варот, не адчуеш пах толькі што гатаванай ежы гаспадыняй. Ах, няма таго, што раньш было, як казаў вядомы беларускі паэт Максім Багдановіч! Дом гэты знаходзіцца ў тым раёне, дзе раней жыла большасць габрэяў Чавус – "Габрэйскія казінкі". Амаль палову насельніцтва горада раней складалі менавіта габрэі.

Сучасны выгляд будынка пастялага двара на сучаснай Ленінскай (былой Прабойнай) вуліцыЯшчэ некалькі крокаў... і вось перад намі Бася. Можа б і хацелася б зараз сказаць аб магутнасці воднага патока шырыні берагоў. Але гэта бывае хіба што толькі ў час разліву. Зараз Бася нібы села на дыету і з кожным годам выглядае ўсё больш і больш самавіта. Тут ёсць выдатныя месцы, каб сесці і проста атрымаць асалоду ад неабсяжных пекных краявідаў рэчышча Басі. І мы прысядзем тут, дзе быў некалі стары драўляны млын – самае прыбытковае гарадское прадпрыемства. Рыпелі жораны, сыпалася мука, не малады млынар набіваў удосталь мяхі прыехаўшых па хлебны тавар жыхароў. Седзячы тут, адразу ж прыгадваюцца шматлікія паданні, звязаныя з паходаннем назвы горада – аб цыганах, прыгожая і лірычная гісторыя кахання Басі і Проні, паданне аб навакольных курганах. Іх могуць вам распавесці ці ў музеі ці проста мясцовыя старажылы. Адсюль добра праглядаецца Зарэчная частка горада, туды і ляжыць наша дарога.

Надмагільны помнік на іўдзейскіх могілках Надмагільны помнік пачатку 20 стагоддзя на праваслаўных Рыгораўскіх могілках

Зарэчча - гэта асаблівая частка Чавус. З аднаго боку гэта нібы і працяг горада, з другога - тут усё значна больш па вясковаму нават зараз. Тут Паштовы тракт паварочвае направа, а мы павернем у адваротны бок. Гэта вуліца, зараз Каператыўная, знакамітая асноўным чынам праз тых асоб, што жылі тут. Гэта зараз тут шэраговая забудова, а раней ля самага тракту быў дом не каго-небудзь, а бацькоў знакамітага галівудскага кінаактора Кірка Дугласа – сям’і Даніловічаў. А побач, між іншым, па суседстве, жыла і сям’я знакамітага савецкага разведчыка і героя Савецкага Саюза Льва Маневіча. Пэўна, не адзін вечар правялі побач за кубачкам гарбаты Хершэль Даніловіч і Яфім Маневіч. Тады, пэўна, і не думалі яны аб бліскучым і гераічным будычым сваіх нашчадкаў...

Панарама Зарэчча з відам на Свята Мікольскую царкву ў 1902 годзеАле вось што гэта за прагала бачна насупраць? Так, вядома, гэта месца былога Мікольскага храма, што існаваў доўгі час на Зарэччы. Калі задацца мэтаю дык сярод моцнага дзерана можна яшчэ адшукаць рэшткі падмурку.

Гаворачы ўвогуле аб людзях гэтага горада, хочацца назваць адну вельмі ўласцівую рысу іх характара - трыванне. Так, вядома, нехта запярэчыць мне, маўляў, усім беларусам уласціва гэта. Але я лічу, што тут у Чавусах гэта стойкасць і трыванне людзей выражана як найбольш. Колькі вытрымаў гэты горад, але ж выстаяў і захаваў сябе! Ён, як птушка Фенікс, якая аднаўляецца, нягледзячы ні на якія нягоды.

Гэта не ўсё, што можна паглядзець ў горадзе - нядаўна пабудаваны новы касцёл, шмат помнікаў прысвечаных Другой сусветнай вайне, помнікі воінам інтэрнацыяналістам, горад з’яўляецца радзімай першаў у Расійскай імперыі жанчыны дэпламаванага ўрача – Варвары Кашаваравай–Рудневай.

Калі хто зацікавіўся дык, моўлю, што дабрацца да гэтага горада дастаткова лёгка – 40 км. Ад Магілёва ва ўсходнім кірунку можна пераадолець ці на аўтобусе, ці на цягніку. Ў горадзе ёсць шмат крамаў, кавярняў, працуе Фізкультурна – аздараўляльны комплекс з басейнам, тэнісным кортам, трынажорный залай, а таксама гасцініца.

Запрашаю ў гэты невялікі, але ўтульны горад, дзе заўсёды рады бачыць гасцей і сустрэць іх па сяброўску.

Яўгеній Зубовіч
Артыкул быў надрукаваны ў газеце "Турызм і адпачынак" ад 30 жніўня 2007 года.

Translate :
Ссылки по теме :