Парафія Дзевы Марыі

Сёлета будзе 363 годы з дня заснавання парафіі Прысвятой Дзевы Марыі ў Чавусах.

Справа ў тым, што на пачатку 17 стагоддзя на абшарах ВКЛ (Вялікага Княства Літоўскага) масава пачынаюць узводзіцца каталіцкія кляштары, асабліва на ўсходняй яе частцы. Прычынаю таму яшчэ было і тое, што пасля 1612 года, калі Смаленск быў вернуты ВКЛ, утварылі каталіцкае біскупства ў гэтым горадзе. Як адна з душпастырскіх адзінак новай епархіі быў заснаваны ў Чавусах манастыр і касцёл кармелітаў. Пабуджальным матывам да гэтага сталася тое, што ў 1648 годзе 5 жніўня ў сваім тэстаменце Міхал Казімір Палубента ўзгадвае фундацыю на Чавускі касцёл, будаўніцтва якога пачалося ў 1647 годзе.

Васкрасенскі сабор (былы кармеліцкі кляштар). Са здымку Астанковіча 1902 г.Будынкі касцёла Прысвятой Дзевы Марыі і кляштара напачатку былі драўляныя. З дакументаў, што захоўваліся ў кляштары, вядома, што ён быў заснаваны з высокай ласкі біскупа Беларускай сталіцы Вільні ў Чавусах ў 1650 годзе 10 жніўня. Грошы на яго выдаткаваў брат Міхала - Мікалай. Такім чынам, кляштар, хутчэй за ўсё, будаваўся тры гады і быў скончаны ў 1653 годзе. У 1652 годзе Вялікі князь Ян Казімір Ваза 20 чэрвеня адмыслова выдаў прывілей на набыццё абраза Божае Маці Чынстахоўскай да кляштару ды вызваліў за тым грунт ад падаткаў. Трэба дадаць, што Абраз Божай маці Чынстаховай з’яўляецца найшанавальнейшай святыняю сярод каталікоў ўсяго свету, як, дарэчы, і сярод праваслаўных.

Калі ўявіць сённяшні горад, то Кармеліцкі кляштар змяшчаўся прыкладна на месцы ўсяго квартала паміж сучаснымі вуліцамі Ленінскай, Савецкай, ды Фрунзэ. Сам гандлёвы пляц займаў месца пераважна сённяшняга скверу, што ідзецца ад рэстарацыі "Верасы" і да вуліцы Маневіча. Дарэчы, за кляштаром фактычна і скончваліся Чавусы. Гарадскія землі кляштара былі ўкрэсаю горада ад пачатку будаўніцтва кляштара і да сярэдзіны 18 стагоддзя.

Пасля вынішчальнай маскоўскай вайны (1654-1667 гг.) чавуская каталіцкая парафія налічвала ўсяго 150 вернікаў і не мела ўласнага пастыра – апекаваўся ей айцец Сэрафім Карбашэвіч з Мсціслава.

Дрэва, як вядома, не трывае доўга; а таму з'явілася ў Чавусах першая каменная культавая пабудова. Адбылося гэта ў час панавання Аўгуста ІІІ Моцнага, яшчэ аднаго прадстаўніка саксонскай дынастыі на Беларусі. Кляштар уключаў каменны касцёл ксяндзоў кармелітаў, створаны да гонару Прысьвятое Багародзіцы самімі ксяндзамі. Ён пачаты забудоваю 1741 годзе, а скончаны ў 1747 годзе, асвечаны епіскапам Гар'янам ў год заканчэння. Меў фігуру падоўжанага квадрата, даўжыня яго 11, шырыня - 6, вышыня - 10 сажняў (21 метр), перакрыты гонтам, меў добры дах. Кляштар таксама ўключаў каменны дзьвюхпавярховы дом з келлямі для манахаў, і ў абедзьвюх паверхах каменныя скляпенні. Быў яшчэ шэраг гаспадарчых пабудоў.

Касцёл і кляштар кармелітаў уяўлялі сабою манументальныя пабудовы ў стылі сталага барока.

Дамінантай кампазіцыі была вялікая купальная трохнефавая базіліка. Галоўны фасад храма чляніўся па вертыкалі на тры ярусы, якія дынамічна звужаліся адзін да аднаго ўверх. Па баках ён быў фланкіраваны дзвюма барочнымі вежамі, прарэзанымі высокімі паўцыркульнымі вокнамі. Гэта стварала ўражанне лёгкасці і вытанчанасці. Будынкі кляштара дамыкаліся да касцёла, былі двухпавярховымі з простым архітэктурным дэкорам. Сённяшняя рэстарацыя "Верасы" змяшчаецца на падмурках былога велічнага некалі касцела. Пад час асвятчэння касцела яго прыерам быў айцец Марцін Клітанскі–Рымовіч.

Другі вядомы ксёндз меў прозвішча Чэховіч, і выкладаў у 1815 годзе ў мясцовай павятовай вучыльні.

У 1830 годзе на Беларусі выбухнула паўстанне за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля яго па краіне пракацілася хваля касаванняў каталіцкіх навучальных установаў – асяродка выхавання вальнадумнага мыслення. Не абмінула гэта хваля і Чавусы. Каталіцкі кляштар у Чавусах быў зачынены ў 1832 годзе, а манахі выгнаны "за те манифестации и процесии, которыя монахи позволяли себе во время мятежа 1830-1831 г.г.". Парафія стала філіялам чэрыкаўскага касцёла, хаця налічвала каля 1000 вернікаў.

Ужо ў 1832 годзе цывільны губернатар Магілёўскі – Рыгор Бажэнаў накіраваў райцу Нікоціна, каб той прыняў апячатаны чавусаўскім паліцтмейстарам Кармеліцкі кляштар, маёмасць якога была складзеная на падводы ды застаўленая ў месціча Левіна.

Як толькі Нікоцін прыехаў у Чавусы, ён гэтым жа часам запатрабаваў попісы кляштара ў настаяцеля Яўхіма Кавальскага. Попісы былі датаваныя 1828 годам. Вышэй я ўжо даваў кароткае апісанне будынкаў касцела і кляштара. Акрамя гэтага ў манахаў меліся:

  • Леднік, што быў з дрэва. Над пакоям ледніка змяшчаўся пакой для шархавання бялізны;
  • Людскія: дзве драўляныя хаты;
  • Свірны ды стайні. Былі драўляныя і каменныя за фігураю кутніка;
  • 2 каменныя флігелі, аднапавярховыя будынкі былі абнесеныя каменнай агароджай.
  • Каля кляштара знаходзіліся два сады: Малы і Вялікі. Кляштару таксама прыналежалі асобныя капліцы, як у месце, гэтак жа і ў павеце.

Усё гэта было перададзена ў дзяржаўную ўласнасць. Такcама ўся нерухомая маёмасць, апарат касцёльны, дакументы, што захоўваліся тут, і бібліятэка ў якой было 211 паасобнікаў на лацінскай мове тэалагічнай тэматыкі. Захоўваліся тут і гістарычныя, апісальныя кнігі – 64 паасобнікі, 12 кніг – сведчанні парафіяльнага і касцёльнага жыцця. Трэба мовіць, што на час закрыцця ўстанова ўжо не мела парафіяльнай школы. Пасля заканчэння касавання 10 манахаў з кляштара павінны былі быць выпраўлены да Вільні, але гэтага не было зроблена за адсутнасцю грошай, - як бачым, улада магла толькі адбіраць, а грошай нават на выправу не магла забяспечыць, хоць гэта быў яе абавязак. Дарэчы, пры закрыцці разыгралася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя - выкрадзена кляштарнае срэбра. Нікоцін выказваў недавер да Кавальскага ды асобных клірыкаў, лічыўшы, што гэта яны схавалі скарб. У выніку працяглы час следства і шматлікія суды не далі анічога канкрэтнага, срэбра так і не знайшлі. Увогуле справа аб касаванні была даволі доўгаю, бо яшчэ ў 1833 годзе прыёр пісаў губернатару Хаванскаму аб збеглых кляштарных сялянах.

Кажучы, дарэчы, аб лёсе будынкаў кляштара, трэба заўважыць, што на прыканцы 1833 года, калі стала патрэба ў арганізацыі працы пажарнай каманды, а на пабудову свірна ды вежы не хапала грошай у мейсцкай думы, спрабавалі прыстасаваць да гэтай патрэбы кляштар, але за землямерам ён патрабаваў пільнага рапаравання ды перабудовы, а на тое не было аніякага дазволу. Таму будынкі ашчадзілі да больш пільнай патрэбы.

Як што кляштар быў скасаваны, дык будынак касцела без жылых памяшканняў быў перададзены пад новы касцёл у тых жа 30-х гадах 19 стагоддзя, які меў назоў "Шкаплераў Божае маці". Парафіянаў тут налічвалася 813. Трэба адзначыць, што на могілках, якія і дагэтулі знаходзяцца на вуліцы Лермантава, доўгі час знаходзілася парафіяльная капліца.

На пачатку 60-х гадоў 19 стагоддзя парафіяй апекваўся ксёндз Акулевіч. Але пасля падзеяў паўстання Кастуся Каліноўскага шмат якія касцёлы па ўсёй краіне пачалі зачыняцца. Апошнім айцом гэтай парафіі пры гэтым касцёле быў Мікалай Мілкоўскі.

Інтэр’ер неагатчнага касцела Дзевы МарыіТрэба мовіць, што ў 1868, ў хуткім часе пасля зачынення каталіцкай парафіі касцёла "Шкаплераў Божай Маці", храм быў перададзены праваслаўным. На грошы, вылучыныя святаром Яўсевіям (Арлінскім), Япіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім, каталіцкі касцёл перабудавалі пад царкву (праваслаўны сабор), ды асвяцілі да гонару Васкрасення Госпада нашага Езуса Хрыста.

Над касцёлам надбудавалі барабан на восем контаў, які быў перакрыты намётным купалам з макаўкаю ды кражам наверсе.

Такім чынам каталіцкая парафія ў Чавусах амаль на паў-стагоддзя прыпыніла сваё існаванне. І гэта нягледзячы на тое, што ў Чавусах на той час каталікоў было больш за 400 чалавек.

Толькі пасля загада цара Мікалая ІІ "О укреплении начал веротерпимости" ў 1905 г. жыхары Чавусаў пабудавалі новы касцёл Дзевы Марыі Каралевы. Гэты касцёл быў размешчаны на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Чавускае адзяленне Белаграпрамбанка. Новы касцёл, што быў з цэглы, не меў вежаў і быў пабудаваны ў стылі неаготыкі ў 1913 годзе. У касцёле меўся арган. Унутраная прастора храма была вырашана граненымі слупамі і перакінутай праз іх стрэльчатай аркадай. Падзяляўся на 3 нефы, перакрытыя стрэльчатымі скляпеннямі. Трохранную апсіду запаўняў барочны алтар у выглядзе двух калон, што мелі фігурны франтон. На левай сцяне прэсбітэрыя знаходзіўся кансольны амвон. На той час касцел выходзіў на "Конную" плошчу, што зараз маецца тыльным бокам будынка раённага выканкома і будынка пошты. Тут таксама праводзіліся кірмашы. У гады 1915-1920 працаваў у Чавусах ксёндз Віктар Гагалеўскі, каторы падчас паслугі хвораму заразіўся тыфусам і памёр, маючы ўсяго 39 год. Ён пахаваны на чавускіх каталіцкіх могілках.

Перажыўшы Другую Сусветную Вайну, касцёл у віры хрушчоўскага атэізму быў разабраны на цэглу напрыканцы 50 - пачатку 60 гадоў.

Вось такі кароткі нарыс гісторыі парафіі Дзевы Марыі ў Чавусах. Трэба адзначыць, што на працягу стагоддзяў парафія не страчвала свайго першапачатковага імя. Так і зараз называецца касцёл адноўленай пасля эпохі атэізму парафіі.

Яўген Зубовіч
Аўтар выказвае вялікую падзяку панне Strette за ласкава нададзены здымак інтэр’ера касцёла Дзевы Марыі.

Translate :
Ссылки по теме :