Заклятае возера

Гістарычная даведка:

  • Бордилы - деревня в Сластёновском сельском совете Чаусского района.
  • На топографической карте 1923 года на Юге от д. Бордилы обозначено урочище Голыньщина.
  • Бординичи - деревня в Каменском сельском совете Чаусского района.
  • Река Рудея, на которой сделано водохранилище, могла получить свое название от слова руда.

Заклятае возера

Там, дзе між лясоў і балот спаважна нясе свае чыстыя воды шырокае Дняпро, а напярэймы яму злева імчыцца рухавы Сож, - даўным-даўно жылі тры родныя браты, тры магутныя асілкі. Старэйшы брат, Вадзіла, жыў на Дняпры, сярэдні, Раціла, на Сожы, а малодшы, Брадзіла, між імі, на астравах ды азёрах па Проні-рацэ.

Мелі браты дружыны ваяцкія, але ваяваць выходзілі толькі тады, калі нападалі на іx вopaгі. І ў паходах заўсёды смеласць і храбрасць выяўляілі, адзін аднаму памагалі.

А калі з пахода вярталіся, жылі ціха ды мірна: зямлю аралі - хлеб здабывалі, калоды-вуллі ў лясах ставілі, у рэках рыбу лавілі, у пушчах звера з лукаў стралялі.

Так і жылі дзень за днём, год за годам. Але вось аднойчы прыплылі сюды па Проні-рацэ на лёгкіх караблях купцы заморскія. Прычалілі караблі да вострава Брадзілы, з ycіx бакоў возерам акружанага. Ды не паспелі купцы тавары раскласці, як усхадзілася навальніца страшэнная, пазрывала караблі з прычалаў, параскідала іx і патапіла на дне возера глыбокага. А самі купцы ледзь жывымі выратаваліся.

Засталіся купцы жыць на востраве. Але ні зямлі ўрабляць, ні звяроў страляць не ўмелі яны. А гандляваць не было чым. І надумаліся купцы новыя караблі будаваць, каб было на чым тавары вазіць. Насеклі дубу, сасны шмат, але не было ў іx жалеза на цвікі, на заклёпы, ды на якары. Пачалі яны зямлю капаць, жалезную руду шукаць. І гэтулькі тут руды пазнаходзілі, што дзе ні капні - усюды зямля звініць. Пабудавалі тады купцы печы адмысловыя ды пачалі з руды і жалеза выплаўляць.

З цікавасцю наглядаў за работай купцоў гаспадар вострава, асілак Брадзіла. І сам з дружынаю сваей памагаў ён купцам караблі рабіць, жалеза плавіць, у дарогу збірацца.

Вось як паехалі купцы заморскія, склікаў Брадзіла дружыну сваю і кажа:
- Вялікае багацце захавана ў зямлі нашай. Будзем здабываць яго - спатрэбіцца яно ў гаспадарцы.

Дружна закіпела работа. Выбралі самы вялікі з астравоў, пабудавалі печы, кузні ды пачалі жалеза здабываць, а з жалеза розныя прылады вырабляць.

Лягчэй з таго часу стала людзям жыць: аралі яны зямлю цяпер жалезнымі нарогамі, касілі жалезнымі косамі, жалі жалезнымі сярпамі, усе жалезнымі прыладамі рабілі. А дагэтуль усе прылады з дрэва ды камянёў рабілі.

Старэйшыя браты, Вадзіла і Раціла, спярша толькі зайздросцілі малодшаму брату, а потым узялі ды пайшлі на яго вайною, каб захапіць сабе яго багаты востраў з усімі кузнямі і ўсімі прыладамі жалезнымі. Падплылі яны на караблях да вострава ды пачалі стрэлы пускаць крамянёвыя. Але раптам зноў узнялася навальніца страшэнная і затапіла караблі тыя разам з братамі і іх дружынамі.

З таго часу Проня-рака крута павярнула ўлева і перастала слаць свае воды ў заклятае возера. Высушылі вятры возера, пакрылася яно травою рэдкаю, і празвалі яго людзі Галым балотам, а астравы на ім - Жалезным, Брадзілавым...

Казалі старыя: датуль мёртвым Галае балота будзе, пакуль не народзіцца новы магутны асілак; разаб'е той асілак молатам сваім спрадвечнае цяжкае закляцце. Тады зноў адкрыюцца людзям багацці, захаваныя ў зямлі гэтай. Зноў будуць людзі здабываць жалеза ды вырабляць з яго прылады яшчэ нават лепшыя, чым вырабляў Брадзіла.

І цяпер гэта збылося.

возера, малюнак

Андрэй Пахоменка
Паводле казкі "Бацькаў дар". Беларускія народныя гераічныя і фантастычныя казкі. Апрацоўка Алеся Якімовіча. Мастак Анатоль Воўкаў. Мінск "Мастацкая літаратура", 1978, с.217.

Translate :
Ссылки по теме :