Главная » Город и район » Туризм, отдых, экология » Крыніцы жыцця (серыя артыкулаў) » Крыніцы жыцця (частка 10) - Вандроўка 2-я. Варварына: маляўнічы куток з чыстай вадой

Крыніцы жыцця (частка 10)

Вандроўка 2-я. Варварына: маляўнічы куток з чыстай вадой

Наш шлях палягае далей на поўнач раёна. Даязджаем да паварота, дзе няма ўказальніка, але віднеюцца надта ўжо маляўнічыя хаткі. Гэта вёска Варварына, і сустракае яна нас, велатурыстаў, адразу з парога хараством, што не паддаецца апісанню. Толькі заязджаем у вёску, як адразу, бы аслупянелыя, спыняемся каля адной з хат. Праўда, гэта хутчэй амаль палац,  вялікі і прыгожы, увесь у разьбяных упрыгожваннях. Ліштвы нагадваюць карункі - вельмі тонкая, далікатная праца, бачная рука майстра. А вось і сам ён выходзіць нам насустрач.

Хата - палац у разьбяных упрыгожваннях у Варварына"Ведаеце, - пытаецца гэты яшчэ не стары мужчына - чаму нашая вёска так завецца - Варварына? Некалі тут жыла памешчыца Варвара. Яе нашчадак цяпер у Магілёве жыве, у тым годзе сюды прыязджаў - хацеў хату тут купіць. Ды, здаецца, пакуль не купіў". Жаданне нашчадка шляхетнага роду цалкам зразумелае: мясціны тут проста цудоўныя. Вёсачка зусім маленькая, ціхая, утульная, прыгожыя хаткі. А якая маляўнічая тут прырода - халмістая мясцовасць на беразе ракі Басі!..

Кіруючыся інструкцыямі майстра наконт местазнаходжання вясковых крыніц, паглыбляемся ў вёсачку. Па дарозе з замілаваннем разглядаем сімпатычныя хаткі, на якіх дзе-нідзе трапляецца плён творчасці нашага першага всяковага знаёмага - бачым тонкія драўляны карункі то на вокнах, то пад дахамі.

Даходзім да берага Басі. Гаспадыня аднаго з "прыбярэжных" падворкаў з ахвотай праважае нас да патрэбнага месца. Тут цячэ ручай з крыштальна чыстай пітною вадой. Ён мае дзіўную назву - Рышт. Цікава, што ў Хоцімскім раёне ёсць ягоны цёзка, таксама ручай. Паходжанне гэтага слова для нас застаецца невядомым, нічога на гэты конт не могуць паведаміць і старажылы. Падобныя назвы, між тым, не рэдкасць: на Беларусі вельмі многія назвы рэк, ручаёў, азёр (гідронімы) гучаць загадкава для тутэйшага насельніцтва. Існуе шмат доказаў таму, што славяне не былі карэнным насельніцтвам дадзенай тэрыторыі. Яны прыйшлі сюды і прынеслі з сабою назвы вёсак і гарадоў, а вось назвы рэк і азёр запазычылі ў сваіх папярэднікаў, якія мелі балцкія карані.  Навукоўцы, параўноўваючы беларускія гідронімы са словамі іншых моваў, вельмі часта знаходзяць адпаведнасць у балцкіх і фіна-вугорскіх мовах. Такім чынам, назва ручая ў Варварыне, таксама, найхутчэй, старажытнае.

Хата ў разьбяных упрыгожваннях ў ВарварынаРышт струменіць сярод зараснікаў і ўпадае ў рэчку. Балбатун-шчабятун, ён першы звонка "вітаецца" з намі. Вада з выглядуі на смак чыстая, і нітратаў у ёй няшмат - 10 мг/л або крыху болей. У мінулыя часы, якія памятае яшчэ нашая праважатая-бабулька, па ваду ў ручай хадзілі з вёдрамі і каромыслам. Тады і ручай быў глыбейшы, буйнейшы. Цяпер жа - знаёмая гісторыя! - з'явілася "канкурэнцыя" ў выглядзе калонак (на жаль, з няякаснай вадою). Дзеля параўнання, а таксама на просьбу бабулькі і яе суседа, праводзім аналіз вады з бліжэйшага калодзежа на нітраты - каля 50 мг/л, вельмі блізка да максімальна дазволенай канцэнтрацыі, а значыць, да вады трэба ставіцца з насцярогай. Правяраем і ваду з калонак, што ля іх хатак (па 25 мг/л). Мяркуйце самі, дзе вада лепшая.

Нам стала цікава, адкуль жа бярэ пачатак Рышт - найхутчэй, гэта менавіта крыніца. Аднак усе спробы адшукаць пачатак ручая не даюць вынікаў. Удосталь напоўзаўшыся па кустоўі і хмызах, выбіраемся адтуль ні з чым, дужа ўсё пазарастала, пазавалілася бураломам ды каменнем. Але ж прыкмячаем месца, адкуль можа біць крыніца, хаця падабрацца да яго бліжэй проста немагчыма.

У вёсцы Варварына маецца яшчэ адно месца з натуральнай, чыстай пітною вадою - крыніца, да якой мы і накіроўваемся. Яна выглядае досыць "салідна": здалёк заўважаем драўляны зруб з крышкай - самы сапраўдны калодзеж. Аднак перастаем радавацца, калі бачым, што зруб пастаўлены на ўсё тыя ж бетонныя кольцы. Для зручнасці тут прадугледжаны драўляны крук, каб спускаць вядро ў калодзеж.

Крыніца, паведамляюць нам варварынскія жанчыны, не святая, але вельмі ім, вяскоўцам, патрэбная. Ваду адсюль бяруць для піцця, прычым нават узімку - нават у маразы крыніца не замярзае. Мясцовыя жыхары стараюцца падтрымліваць крыніцу ў нармальным стане. Чысцяць яе ўсе разам, але прызнаюцца, што ім самім тут не справіцца. Каб як след расчысціць і ўпарадкаваць крыніцу, патрэбна тэхніка, дастаць якую пакуль не атрымліваецца.

Каштуем: смак проста чароўны… Правяраем на нітраты: ноль. Такі ж вынік паказвае тэст-палоска і пры аналізе вады, што прыносяць са сваіх калонак жанчыны. Добра, што забяспечана вёска чыстай вадою - хоць з крыніц бяры, хоць з калонак (не ўсе яны, праўда чыстыя). Проста цудоўна, што маючы выбар, людзі не прамянялі канчаткова крынічкі на тыя калонкі. Вось бы ўсе так ...

Translate :
Спасылкі па тэме :